Нямецкая палітыка на Беларусі пад час першай сусветнай вайны ч.3

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух і на тэрыторыі Усходняй Беларусі. У сакавіку 1917 г. узнікае Беларускі нацыянальны камітэт, які ў выніку паслядоўных змен ператвараецца ў Вялікую Беларускую Раду. Яна прэтэндуе на ролю краёвага палітычнага прадстаўніцтва, у сярэдзіне лістапада 1917 г. патрабуе заключэння міру з Германіяй, аб’яднання акупіраваных немцамі беларускіх земляў з рэшткай краю і федэралізацыі з Расіяй беларускай дэмакратычнай рэспублікі. 14.12.1917 г. Рада склікае ў Мінску першы Усебеларускі з’езд, які прыняў пастанову аб неад-кладным стварэнні выканаўчага органа ўлады на Беларусі. Ноччу 18 снежня савецкія войскі разагналі з’езд, з гэтай прычыны яго функцыі пераняў падпольны выканаўчы камітэт Рады з’езда, які, між іншым, выслаў сваіх прадстаўнікоў на мірныя перагаворы ў Брэст. Пасля новага нямецкага наступу (18.2. 1918 г.) і адыходу з Мінска савецкіх войскаў (19.2.1918 г.) Рада з’езда выходзіць з падполля, абвяшчаючы сябе часовым урадам на Беларусі, і 21.2.1918 г. утварае свой выканаўчы орган — народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.Карта БНР

Палітычная сітуацыя ў Мінску мянялася хутка, пагэтаму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні берлінскія ўлады, ні камандаванне 10-ай арміі не ведалі яе дакладна. Палітыч-най асновай іх паводзін мог быць толькі Брэсцкі трактат, у якім, аднак, беларускае пытанне не ўлічвалася. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расійскую тэрыто-рыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыі памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася Савецкая Расія. Але ў Мінску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які іменаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся з ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынка народнага сакратарыята скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўстанавілі нямецкі, сканфіскавалі касу, т. ч. зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасць гэтага органа.

Неўзабаве пасля інцыдэнту народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мемарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўлення да пабудовы беларускай дзяржаўнасці. I хоць змест нямецкага адказу невядомы, далейшае развіццё падзей сведчыць аб тым, што старанні беларускага народнага сакратарыята не былі дарэмнымі. Афіцыйна не прызнаны, ён тым часам распачынае ажыўленую нарматыўную дзейнасць. 9.3.1918 г. выканаўчы камітэт Рады з’езда выдае канстытуцыйную грамату, у якой абвяшчае ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, па-ранейшаму трактаванай як частка агульнарасійскай федэрацыі, і акрэслівае асновы яе канстытуцыі, у т. л. адмену прыватнага ўладання зямлёй і перадачу яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда абвяшчае сябе Радай БНР, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасцей — палякаў, яўрэяў, рускіх, украінцаў, літоўцаў. Нарэшце 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую канстытуцыйную грамату, у якой пракламуе незалежнасць Беларусі і разрыў дзяржаўных сувязей з Расіяй, абвяшчае пры гэтым неправамоцным Брэсцкі трактат, паводле якога беларускія землі былі падзелены на некалькі частак.

Акт незалежнасці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі германскім урадам і іншымі краінамі. Аднак гэты крок не прывёў да змен у пазіцыі немцаў. У адказ на ноту народнага сакратарыята новы канцлер Рэйха Георг Гертлінг паведаміў, што Берлін трактуе Беларусь як частку Савецкай Расіі і, паводле Брэсцкага трактата, не мае права без згоды ленінскага ўрада прызнаць новаствораную беларускую дзяржаву. У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР выслала кайзеру Вільгельму II тэлеграму з падзякай за «вызваленне Беларусі ад чужацкага ўціску і анархіі» і просьбу «абараніць імкненні Рады да ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю ў саюзе з нямецкім Рэйхам». Адказу не было. Не далі выніку і іншыя намаганні Рады БНР у гэтай справе.

У чаканні шчаслівага павароту ў вялікай палітыцы Германіі і ў свеце не прызнаная ў Берліне Рада БНР прыступіла ў паразуменні з камандуючым 10-ай арміі генералам Эрыхам фон Фалькенгайнам да арганізацыі мясцовага апарату ўлады. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб перадачы ёй усіх краевых дзяржаўных устаноў. 20 красавіка Рада выдала «часовы загад мясцовым беларускім радам», у якім акрэсліваліся прынцыпы выбараў па вёсках, валасцях, гарадах і мястэчках, паветах і губернях органаў Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця імі на сябе ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Паводле сцвярджэння Круталевіча, немцы перадалі ў кампетэнцыю Рады БНР ведамствы гандлю, прамысловасці, асветы, сацыяльнага забеспячэння і інш., якімі кіраваў народны сакратарыят пад надзорам нямецкіх улад.

27.5.1918 г. Фалькенгайн прыняў прадстаўнікоў Рады БНР і народнага сакратарыята і выказаў ім «сімпатыі нямецкіх уладаў», паведаміў, што «акупацыйныя ўлады хацелі б бачыць ў Радзе пасрэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам дзеля ўлагоджвання — паводле магчымасці — жыццёвых цяжкасцей, выкліканых вайной». Фалькенгайн дадаў, што дзейнасць Рады і сакратарыята ў гэтым кірунку «прынясе для Беларусі ў недалёкай будучыні пазітыўныя вынікі». Гэта магло расцэньвацца як абяцанне прызнаць БНР. У выніку 21.6.1918 г. нямецкае камандаванне пагадзілася на стварэнне дарадчых устаноў пры павятовых камендантах для рэгулявання адносін паміж насельніцтвам і нямецкімі войскамі.

Важнай сферай дзейнасці народнага сакратарыята было школьніцтва. Пры народным сакратарыяце асветы было створана бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасвета», якое занялося іх выданнем. Былі арганізаваны настаўніцкія курсы і школьная інспекцыя, пашырылася сетка пачатковых і сярэдніх школ. У Мінску быў створаны Беларускі педагагічны інстытут, рэктарам якога стаў В. Іваноўскі, а выкладчыкамі — Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Рыхтавалася адкрыццё універсітэта. Працавалі ў Мінску Беларускі тэатр, Таварыства драмы і камедыі і іншыя культурныя ўстановы. Пад кантролем народнага сакратарыята выходзіла больш дзесятка газет і часопісаў на беларускай мове. Народны сакратарыят атрымаў паўнамоцтвы і ў галіне знешняй палітыкі. 3 яго ініцыятывы нямецкае вайсковае камандаванне пачало летам 1918 г. перагаворы з урадам Савецкай Расіі аб аб’яднанні з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расійскімі войскамі. 3 гэтай мэтай, а таксама для здабыцця прызнання БНР у Маскву выехала беларуская надзвычайная місія, аднак народны камісар замежных спраў Г. Чычэрын яе не прыняў. Былі акрэдытаваны прадстаўніцтвы БНР на Украіне і ў Літве, высылаліся дыпламатычныя місіі ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген і інш. У Кіеве адкрылася Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне краю атрымлівалі пашпарты ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Такім чынам, падтрымка, аказаная Фалькенгайнам справе БНР, заходзіла вельмі далека. Па сутнасці, беларусам не было дазволена толькі стварэнне ўласнага войска, затое ў астатніх галінах народны сакратарыят мог развіваць дзяржаўную дзейнасць, за якой, натуральна, сачылі акупацыйныя ўлады. Варта заўважыць, што было гэта не толькі ціхае неафіцыйнае спрыянне. Пра тое сведчыць, міжіншым, публічная падтрымка ў друкаваным органе штаба Фалькенгайна — «Zeitung der 10 Armee» — адозвы Беларускага нацыянальнага камітэта ад 17.3.1918 г. з пратэстам супраць літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх прэтэнзій на беларускія землі, якія ў дачыненні да Літвы і Украіны былі зацверджаны Брэсцкім трактатам, падпісаным немцамі.

Дзве лініі нямецкай палітыкі, г. зн. непрызнанне Берлінам БНР і адначасовае стварэнне яе пад аховай 10-ай арміі, супярэчылі сабе толькі знешне. У сапраўднасці яны адлюстроўвалі своеасаблівую тактыку паводзін нямецкіх улад, якая была вынікам эвалюцыі поглядаў на беларускае пытанне. Пры ўступленні ў лютым 1918 г. у Мінск немцы былі перакананы ў абсалютнай няздольнасці беларусаў да стварэння ўласнай дзяржавы. Аднак яны засталі тут дынамічны палітычны цэнтр, дзейнасць якога хутка вызваляла ад сну народныя сілы і ўзбуджала сярод немцаў зацікаўленасць патэнцыяльнымі магчымасцямі беларускага руху. Найбольш скептычна ацэньвалі гэтыя магчымасці берлінскія ўрадавыя колы, пра што сведчыць іх стаўленне да ўкраінскага пытання, затое лакальныя назіранні не былі такія адназначныя, яны пацвярджалі мэтазгоднасць праверкі арганізацыйных здольнасцей рады БНР і народнага сакратарыята на практыцы.

Стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы адлюстроўвала спадзяванні немцаў на ліквідацыю небяспечнага расійскага кліна, якім, паводле Брэсцкага трактата, была Беларусь: ён убіваўся паміж дзвюма новаўтворанымі дзяржавамі — Літвой і Украінай. На фоне такой палітычнай перспектывы трацілі сваё значэнне перашкоды, што раней не дазвалялі акупантам зацікавіцца беларускім пытаннем. Так, напрыклад, прафесар Берлінскага універсітэта Фрыц Куршман пасля знаёмства летам 1918 г. з сітуацыяй на Беларусі пагаджаўся, што беларускі рух яшчэ слабы, але заўважаў яго хуткае і лёгкае даспяванне і пашырэнне. Ён зазначаў таксама і слабасці Рады БНР, аднак і тут выявіў перакананне, што «калі ўжо беларусы трымаюцца ў сядле, дык, пэўна, навучацца ездзіць». Выразна была ўсвядомлена карысць, якую прыносіла існаванне ўкраінскай і беларускай дзяржаў для германскай палітыкі адносна Польшчы і Расіі. Такім чынам, толькі пасля заключэння Брэсцкага міру і акупацыі каля 85 % беларускай тэрыторыі цытанне дзяржаўнасці гэтага краю зацікавіла нямецкія вайсковыя колы. Падтрымка дзейнасці Рады БНР і народнага сакратарыята мела на мэце падрыхтаваць ix да прыняцця на сябе рэальнай улады на Беларусь Гэта быў, паводле трапнага вызначэння Куршмана, рэзервовы ўрад, фармальнае пры-знанне якога магло ажыццявіцца пры станоўчым для Германіі выніку вайны. На думку Круталевіча, перад такім рашэннем не ўстрымалі б немцаў і пастановы Брэсцкага трактата.

Пагаршэнне ваеннай сітуацыі для Германіі на заходнім фронце не дазволіла рэалізаваць канцэпцыю беларускай дзяржаўнасці. Пры такіх абставінах 27.8.1918 г. была заключана дадатковая ўмова да Брэсцкага трактата, паводле якой восенню 1918 г. немцы пачалі перадтэрміновую эвакуацыю сваіх войскаў з тэрыторыі паміж Дняпром і Бярэзінай. Працэс гэты паскорыла рэвалюцыя ў Германіі і яе капітуляцыя. У пачатку снежня немцы перадалі ўладу ў Мінску савецкім органам. Рада і ўрад БНР эвакуіраваліся ў Гродна і дзейнічалі там да першых дзён красавіка 1919 г., г. зн. да выхаду нямецкіх войскаў з Гродзеншчыны.

« назад
» чытаць працяг

© Юры Туронак “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”
© Пераклад. В.Ждановіч

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии