Месты і мястэчкі
Гістарычныя дакументы сведчаць, што пры канцы XVI ст. у Вялікім Княстве было 530 гарадоў (якія тады называлі местамі) і мястэчак. Іх жыхары складалі ўсяго 15-20% насельніцтва краіны, але адыгрывалі ведьмі значную ролю.
Вялікія князі заўсёды ўлічвалі ўплыў буйных гарадоў як даўніх палітычных і эканамічных цэнтраў сваіх земляў. Дэлегацыі Полацка і Віцебска, да прыкладу, разам з Гедзімінам у 1338 г. бралі ўдзел у падпісанні гандлёвага пагаднення з Тэўтонскім ордэнам. Пасланцы Полацка, Вільні, Віцебска, Менска, Наваградка, Берасця і Смаленска падпісалі супольна з баярамі дамову паміж Ордэнам і вялікім князем Свідрыгайлам.
Гарадскія паселішчы былі звычайна не надта вялікія і мелі дзве-тры тысячы жыхароў. Але існавалі і значныя гарады з больш чым 10-тысячным насельніцтвам – Магілеў, Віцебск, Берасце, Менск, Пінск. Да сярэдзіны XVI ст., калі пачалася Інфлянцкая Свойская) вайна, самым буйным у дзяржаве быў Полацак, які і колькасцю жыхарства, і багаццем перасягау сталічную Вільню. Некаторыя дакументы сцвярджаюць, што колішняя сталіца Полацкага княства мела каля 100 тысяч насельнікаў.
У гарадах жылі пераважна рамеснікі і купцы, а таксама шляхта з прыслугаю. Гараджанаў называлі месцічамі, або мяшчанамі, ад слова «места», што ў тагачаснай беларускай мове азначала «горад». Насельніцтва нашых вялікіх гарадоў здаўна было шматэтнічным. У Полацку знаходзілася цэлая факторыя Ганзейскага гандлёвага хаўрусу нямецкіх гарадоў. Нямецкія супольні існавалі ў Берасці і Горадні. Ад часоў Вітаўта ў беларускіх местах сяліліся таксама габрэі, татары, палякі.
Мяшчане часта цярпелі ад самавольства вялікакняскіх намеснікаў і імкнуліся мець сваю незалежную ўладу. Гаспадары дзяржавы таксама былі зацікаўленыя ў надзяленні гарадоў самастойнымі правамі, каб спрыяць іх гандлёва-рамеснаму развіццю і прывабіць туды новае насельніцтва. Магчымасці для стварэння ўласнага кіравання давала гораду магдэбургскае права.
Магдэбургскае (майдэборскае) права, або права горада на самакіраванне, упершыню ўзнікла пры канцы XIII ст. у нямецкім горадзе Магдэбурзе, адкуль хутка пашырылася па Еўропе.
Гарадское самакіраванне
У нашай дзяржаве граматы (прывілеі) на магдэбургскае права выдавалі местам вялікія князі. Першай у 1387 г. такі прывілей атрымала Вільня, а следам за ёю, у 1390 і 1391 гг., – Берасце і Горадня. У грамаце на самакіраванне Полацку (1498 г.) гаспадар Аляксандр дакляраваў, што надзяляе горад правамі «на вечныя часы, каб людзі нашы, там жывучы, праз урад добры і справядлівы былі размножаныя».
Дадзены ў 1499 г. прывілей на магдэбургскае права Менску прадугледжваў, што месцічы могуць судзіцца толькі сваім судом, падаваць скаргі непасрэдна вялікаму князю і выбіраць уласнае кіраўніцтва. Менчукі не толькі вызваляліся ад шэрагу ранейшых павіннасцяў, але атрымлівалі права мець важніцу з капніцай (памяшканні, дзе ўзважвалі тавар і тапілі воск) і лазню, даходы ад якіх ішлі ў гарадскі скарб. Жыхары места Менскага маглі секчы дрэвы (на будоўлю і апал) у дзяржаўных лясах і пушчах.
Жыхарам дазвалялася будаваць «клеці хлебныя», «камору пастрыгальную» і млын. Прывілей даваў права на свой гарадскі сцяг-харугву.
Магдэбургскае права мела большасць беларускіх гарадоў і мястэчкаў. Яно вызваляла жыхароў ад удады і суда намеснікаў, ваяводаў, старастаў ды іншых дзяржаўных асобаў. Мяшчане пазбаўляліся ад цяжкіх феадальных павіннасцяў у тым ліку ад талок і «гвалтаў» (збораў на агульную працу), ад фурманкавай павіннасці (выдзялення фурманак), утрымання ганцоў і паслоў, неабходнасці выстаўляць варту – «старожу» на замках. Цяпер гараджане ахоўвалі толькі муры і брамы самога места.
Насельніцтва «вольных» гарадоў атрымлівала права гандляваць у дзяржаве без мытных падаткаў, збіраць прыбытак ад гарадскіх мераў вагаў і крамаў, будаваць грамадскія будынкі і нават бровары. Мяшчане набывалі ў наваколлі значныя зямельныя абшары. Буйныя гарады будавалі для замежных купцоў адмысловыя гасціныя двары.
Абавязкі местаў з магдэбургскім правам зводзіліся да выплаты ў дзяржаўны скарб фіксаванага падатку, «чыншу карчомнага» і «сярэбшчыны» (надзвычайнага падатку на ваенныя мэты).
Магістрат
Местам кіраваў выбарны магістрат, які складаўся з дзвюх «палатаў» – рады і лавы. Рада займалася маёмаснымі і цывільнымі справамі мяшчанаў. Лава разглядала крымінальныя злачынствы.
У раду штогод на агульных выбарах горад абіраў радцаў (райцаў), у лаву – лаўнікаў. Калі насельніцтва належала да розных веравызнанняў, рада выбіралася на парытэтных асновах: палову месцаў мелі праваслаўныя, палову – каталікі. Да прыкладу, у прывілеі, дадзеным Вільні, адзначалася, што «палавіца тае рады закону Рымскага, а палавіца закону Грэцкага, так як або-двум права Магдэбургскае дано».
Раду ўзначальвалі выбарныя бурмістры, а лаваю кіраваў прысланы вялікім князем або прызначаны ўладальнікам горада войт. Але ў Воршы, Мазыры, Нясвіжы і ў некаторых іншых гарадах войта выбіралі самі месцічы. Паводле звычаю войт прысягаў на крыжы, што будзе верна служыць месту. Колькасны склад магістрата залежаў ад насельніцтва места: Полацак абіраў 24 радцы, Менск -12, Наваградак – 6.
Беларускія месты не проста механічна пераймалі заходнееўрапейскія нормы самакіравання, але дастасоўвалі іх да мясцовых асаблівасцяў і традыцыяў. Апрача магістрата судовыя справы ў Слуцку, Слоніме ды некаторых іншых гарадах разбіраў яшчэ і традыцыйны копны суд.
У Полацку, Воршы, Віцебску, Амсціславе і Крычаве ў магдэбургскія органы ўвайшла вядомая ад вечавых часоў пасада сотніка.
Гарадскія ўлады не цырымоніліся з парушальнікамі. Напрыклад, месціч, які на людзях зняважыў бурмістра, пастановаю рады мог быць не толькі пазбаўлены на нейкі час права займацца рамяством, але й публічна пакараны бізуном на гарадскім пляцы.
Для паседжанняў магістрата будаваліся адмысловыя будынкі – ратушы (майдэборыі), якія разам з гербамі таксама былі своеасаблівымі сімваламі гарадской «вольнасці». У ратушы знаходзіліся канцылярыя, скарб і архіў, захоўваліся граматы з дадзенымі месту прывілеямі. Магістрат збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках, бараніў інтарэсы сваіх гандляроў і рамеснікаў, падтрымліваў у месце надежны парадак.
Атрыманне беларускімі гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права і гербаў | |
---|---|
1387 | Вільня |
1390 | Берасце (Брэст) |
1391 | Горадня (Гродна) |
1441 | Слуцак |
1444 | Трокі |
1498 | Полацак |
1499 | Менск |
1500 | Браслаў |
1503 | Ваўкавыск, Каменец |
1511 | Наваградак, Рэчыца |
1531 | Слонім |
1560 | Гомель |
1563 | Барысаў |
1577 | Магілеў, Мазыр |
1581 | Пінск |
1586 | Нясвіж |
1590 | Ліда, Любча, Пружаны |
1597 | Віцебск |
1611 | Смаленск |
1613 | Горкі, Жыровічы |
1620 | Ворша, Друя |
1633 | Крычаў, Лагішын |
1652 | Капыль, Клецак |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012