965 – 972 гг. – удзел Смаленскіх крывічоў і дрыгавічоў у ваенных паходах Святаслава
Пасля гібелі Ігара ад рук драўлян ў 945 г. кіраванне Кіеўскай дзяржавай узначаліла яго жонка Вольга. Жорстка расправіўшыся з драўлянамі, яна ў 947 г. адправілася ў наўгародскія землі ўсталёўваючы на сваім шляху аброк і даніну. Шлях яе на поўнач ляжаў не праз Смаленск, а праз Заходнюю Дзвіну, дзя ля вусця Віцьбы, як вызначаюць даследчыкі ўжо існавала паселішча – старажытны Віцебск, у якім княгіня заснавала пагост – цэнтр збору подаці 1.
Гады мірнага кіравання Вольгі дазволілі Кіеўскай дзяржаве сабраць сілы для новай барацьбы, якую і распачаў з 964 г. пасталелы сын Ігара Святаслаў, імя якога яскрава сведчыць аб працэсе славянізацыі русі-нарманаў.
Для вядзення маштабных ваенных дзеянняў Святаславу таксама спатрэбілася наяўнасць ўсіх сіл Русі, якія складалі і ваенныя кантынгенты з беларускіх земляў смаленскіх крывічоў і дрыгавічоў.
Палітычныя інтарэсы Святаслава сутыкнуліся з інтарэсамі Хазарыі, якой плаціў даніну шэраг славянскіх плямёнаў, да ўлады над якімі прэтэндавалі і кіеўскія русы. У гэты час даннікамі хазараў маглі быць таксама і радзімічы з севяранамі. У такім выпадку ўсё сярэдняе Падняпроўе разам з Кіевам знаходзілася пад пагрозай нападу хазараў.
Між тым Хазарыя была фактычна вартаўніком волжскай часткі Волхаўска-Волжскага гандлёвага шляху і сваімі вайсковымі сіламі ахоўвала вялізныя прыкаспійскія прасторы ад нападаў качэўнікаў. Такім чынам палітычныя інтарэсы Русі ў гэтым выпадку супярэчылі эканамічным.
У 965 г. Святаслаў пайшоў на хазар і разбіў іхняе войска на чале з царом, узяўшы крэпасць Саркел, званую русамі Белай Вежай. У наступным годзе ён падпарадкаваў вяцічаў і абклаў іх данінай. Хазарыя, хоць і аднавіла сваю самастойнасць, але ўжо не магла адыгрываць ранейшай ролі на важнейшым гандлёвым шляху. У выніку Волхаўска-Волжскі шлях прыйшоў у заняпад, чаму спрыяла таксама і зніжэнне якасці арабскага серабра. З гэтага часу спыняецца паступленне куфіцкіх дырхемаў на Русь і, як след, заняпад шведскай Біркі, а разам і звязанае з ім Гнёздаўскае селішча бліз Смаленска. Месца арабскага серабра пачало займаць серабро з Заходняй Еўропы. З гэтага часу галоўнай лініяй камунікацый становіцца шлях “з вараг у грэкі” і асноўныя матэр’яльныя здабыткі гандлю з Міжмор’ем канцэнтруюцца ў Кіеве. Разам з Кіевам ва Ўсходняй Еўропе ўзрастае значэнне іншых буйных славянскіх цэнтраў: Кракава, Прагі і звязаных з імі гарадоў Сярэдняй Германіі.
З перанясеннем асноўнага цяжара гандлю на Дняпроўскі шлях узрасла і роль Полацка, які валодаў выхадам у Балтыйскае мора па Дзвіне, што было нашмат зручнейшым за маршрут праз Ноўгарад па Волхаву. Такім чынам Полацк станавіўся прамым канкурэнтам Ноўгарада на шляху “з вараг у грэкі”. Адгалінкаванне шляху на Прыпяць паспрыяла развіццю і гэтага рэгіёна Беларусі, дзе магчыма, у часы Святаслава, улічваючы перэарыентацыю увагі Кіева на паўднёвую частку Дняпроўскага шляху і на Балканы, дрыгавічы з цэнтрам у Туры таксама вярнулі сабе самастойнасць.
У пошуках новых каналаў папаўнення казны Святаслаў распачаў у 967 г. вайну з Балгарыяй, якая была скорана, а сам кіеўскі князь перабраўся ў Пераяславец на Дунаі. У 970-м ім была распачата вайна з Візантыяй, якае склалася для Русі не найлепей і закончылася падпісаннем новай дамовы. У 972 г. пад час вяртання з паходу войска Святаслава трапіла ў засаду печанегаў ля дняпроўскіх парогаў і было разбіта, сам князь загінуў 2.