Даследаванні і канцэпцыі. У 1920-1950-я гг. разгарнулася палеміка аб размяшчэнні пачатковага Полацка. На гэты конт існавала две версіі: Полацк быў заснаваны
1) на так званым гарадзішчы (А.М. Ляўданскі),
2) на так званым Верхнім замку (А.Р. Мітрафанаў).
Тэрыторыя Полацка ў 1-й палове X ст.
Першапачатковае гарадзішча | |
Зафіксаваны культурны слой з ляпной керамікай | |
Мяркуемае існаванне культурнага слоя з ляпной керамікай | |
Мяркуемы курганны некропаль | |
Сучасная тапаграфія горада |
А.М. Ляўданскі. Пошукі самай старажытнай часткі Полацка – “града” крывічоў, або “прагорада” – пачаліся ў 1928 г. Першы даследчык, які не толькі выказаў думку пра тое, дзе знаходзіўся пачатковы Полацк, але і паспрабаваў абгрунтаваць яе археалагічнымі знаходкамі, быў А.М. Ляўданскі. Даследчык заклаў на гарадзішчы тры траншэі і шурф агульнай плошчай 20,5 м2. Паводле А. Ляўданскага, Полацк быў заснаваны на пагорку на выспе ў старыцы ракі Палата за 800 м ад упадзення яе ў Зах. Дзвіну. Пагорак размешчаны на перасечанай мясцовасці правага берага ракі. Вышыня яго ў вышэйшай кропцы дасягае 13 м, агульныя памеры складаюць 73х40 м і па форме нагадвае прамавугольнік з выступам ва ўсходнім баку.
Выснову, што старажытны Полацк IX ст. знаходзіўся на гарадзішчы А.М. Ляўданскі зрабіў на аснове знойдзеных археалагічных матэр’ялаў, у першую чаргу, ляпная кераміка IX-X стст. Разам з тым, тэзіс аб існаванні Полацка ў IX ст. на гарадзішчы ставіўся пад сумненне некаторымі з даследчыкаў, якія ўказвалі на тое, што ўся ранняя храналогія Полацка будуецца выключна на аснове даследавання знойдзенага падчас раскопак керамічнага посуду, які меў шырокія межы датавання.
Г.В. Штыхаў. У пасляваенны час полацкае гарадзішча грунтоўна даследаваў Г.В. Штыхаў. У 1960 і 1962 гг. тут былі пракапаны дзве траншэі, з дапамогай якіх вызначана стратыграфія старажытных абарончых збудаванняў гарадзішча. На аснове вынікаў Г.В. Штыхавым былі зроблены высновы, якія зводзіліся да наступнага: 1) першае насельніцтва полацкага гарадзішча – гэта балцкія плямёны днепра-дзвінскай культуры позняга этапа яе існавання (1-я пал. 1-га тыс. н. э.); 2) Полацк быў заснаваны крывічамі ў VIII-IX стст. як племянны цэнтр. Да сярэдзіны IX ст. Полацк ператварыўся ў гандлёва-расеніцкае паселішча. У VIII – 1-й палове X ст. тэрыторыя Полацка складалася з гарадзішча і селішча плошчай 0,25-0,3 га на адным з мысаў правага берага Палаты, непадалёк ад гарадзішча (селішча ля Чырвонага моста). Да XI ст. гарадзішча з’яўлялася адміністрацыйным цэнтрам горада, месцам пражывання князя і дружыны; 3) у пачатку XI ст. (Г. Штыхаў), або пасля будаўніцтва Сафіі (С. Тарасаў) дзяцінец быў перанесены з гарадзішча на Верхні замак. 4) пасля пераносу адміністрацыйнага цэнтра горада жыццё на гарадзішчы доўжылася да канца XII ст. (А. Ляўданскі, С. Тарасаў) або да канца XIII ст.(Л.Д. Побаль, Г. Штыхаў). Пазней гарадзішча выкарыстоўвалася як гарадскія могілкі. Паводле С. Тарасава, першае пахаванне датуецца XII ст., А. Ляўданскі адносіць пахаванні на гарадзішчы да XVIII – XX стст.
С.В. Тарасаў. Версія С.В. Тарасава з’яўляецца прамым працягам ідэй Г.В. Штыхава, аднак ён уносіць у іх прынцыповыя змены. Даследчык вызначыў, што раней гарадзішча размяшчалася на мысе левага берага Палаты і было аддзелена ад яго толькі падчас перапланавання горада пасля яо захопу войскамі Івана Грознага ў 1563 г. Першапачаткова Полацк складваўся з мысавага гарадзішча на левым беразе Палаты, вялікага селішча, размешчанага непасрэдна перад ім (Ніжні замак), і невялікага адкрытага паселішча на правым беразе (ля Чырвонага маста). Агульная плошча горада складала 8 га.
Э. Загарульскі. Па меркаванню Э. Загарульскага, Полацк мусіў мець асаблівы палітычны і сацыяльна-эканамічны статус, бо адна толькі функцыя ваенна-адміністрацыйнага падпарадкавання балтаў не тлумачыць дастаткова пераканаўча прычыны ўзнікнення гораду.
Д.У. Дук. У 2007 г. на гарадзішчы праводзіў раскопкі (пасля 45-гадовага перапынку) Д.У. Дук. Ім быў закладзены раскоп плошчай 44 м2 – самы вялікі за ўсю папярэднюю гісторыю археалагічнага даследавання гарадзішча. Раскоп 1 быў разбіты побач з домам №20 па 2-м завулку Фрунзе. Да мацерыка пласт быў раскапаны на плошчы 22 м2. Падчас раскопак былі выяўлены цікавыя археалагічныя матэрыялы, перш за ўсё керамічны посуд VIII-IX стст. У адной з ям знаходзілася ляпная кераміка і вуголле. На аснове радыевугляроднага даследавання вуголля была атрымана дата ў межах 660-780 гг. Верхняя мяжа гэтай даты суадносілася з выяўленым ляпным керамічным посудам, аднесеным да культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганаў і сведчыла, на думку Д.У. Дука, што Полацк пачаў развівацца на гарадзішчы яшчэ ў 780 г1.
Вынікі даследаванняў Д.У. Дука цалкам пацвярджаюць выказаную Г. Штыхавым здагадку, што першапачатковы Полацк быў заснаваны крывічамі на месцы закінутага гарадзішча днепра-дзвінскай культуры. З сярэдзіны IX ст. гарадзішча пры вусці Палаты стала не проста гандлёвым цэнтрам, але, як лічыць даследчык, і сталіцай аднаго з самых значных усходнеславянскіх княстваў. На думку Д. Дука, прычынай ператварэння гарадзішча ў сталіцу новага ўсходнеславянскага княства была адсутнасць аўтахтоннага балцкага насельніцтва, што давала магчымасць племянной вярхушцы славянаў стварыць новы адміністрацыйны цэнтр. Як мяркуе даследчык, Полацк рабіўся рэгіянальным і палітычным цэнтрам у выніку дамоўных, саюзных міжплемянных адносінаў паміж аўтахтонамі-балтамі і прышлымі славянамі, але ініцыятыва ў палітычнай актыўнасці належала славянскім пасяленцам. Незаселенае гарадзішча давала крывічам выдатную стартавую магчымасць у пабудове ўласнай дзяржавы і паступова да славянаў пераходзіць кіраўніцтва ўсімі сферамі грамадска-палітычнага жыцця ў Падзвінні. Тым не меньш, славянскасць крывічоў шмат кім з даследчыкаў аспрэчвацца, у тым ліку Э. Загарульскім.
Д.У. Дук цалкам пагаджаецца з высновай Г.В. Штыхава, што першае насельніцтва полацкага гарадзішча прадстаўлялі балцкія плямёны днепра-дзвінскай культуры. Аднак, як ён лічыць, пласт, пакінуты гэтым насельніцтвам, адпавядае ранняму этапу існавання днепра-дзвінскай культуры (2-я пал. 1-га тыс. да н.э. – пач. 1-га тыс. н.э.). Пасля прыходу славян, найбольш верагодна ў IX ст. і не пазней X ст., па яго словах, гарадзішча выкарыстоўвалася для пражывання князя, дружыны і кола рамеснікаў – ювеліраў і збройнікаў – да канца XIII ст.
А. Латышонак. Па меркаванню А. Латышонка, ўсё ж ёсць падставы сумнявацца ў тым, ці ў сярэдзіне IX ст. Полацк выконваў функцыі сталіцы княства, ці ён з’яўляўся толькі гандлёвай эмпорыяй. І калі Полацк стаў цэнтрам княства – да прыходу скандынаваў ці адначасова з ім. Рурыкавы дружыннікі маглі прыйсці згодна дамове з палачанамі, але не меньш праўдападобна, што горад на Палаце быў узяты сілай2.
М.А. Плавінскі. Па меркаванню М.А. Плавінскага, пытанне аб часе ўзнікнення раннегарадскога цэнтра застаецца адкрытым, паколькі летапісныя звесткі аб існаванні Полацка ўжо ў 862 г., па словах даследчыка, пакуль недастаткова пацвярджаюцца археалагічнымі дадзенымі. Датаванне ранніх культурных слаёў Полацка, вызначанае Г.В. Штыхавым ў межах VIII-IX стст. на падставе некалькіх керамічных формаў, як лічыць, М.А. Плавінскі, не можа быць дастаткова абгрунтавана.
На думку М.А. Плавінскага, найбольш верагоднай рэканструкцыяй тапаграфіі Полацка да часу “прыходу Рагвалода з-за мора” (да сяр. X ст.) падаецца наступная. Умацаваны цэнтр горада размяшчаўся на мысе правага берага Палаты (Першапачатковае гарадзішча плошчай каля 1 га). Да яго прымыкала буйное селішча плошчай каля 7 га на Ніжнім замку. Сінхронныя селішчы месціліся і на правым беразе ракі. Пры гэтым тэрыторыя правабярэжнага селішча магла быць дастаткова значнай і ўключаць участкі ўздоўж берага Палаты ад Чырвонага маста, дзе слой з ляпной керамікай выяшлены на плошчы каля 0,25-0,3 га, да Запалоцця, дзе наяўнасць такога слоя застаецца пакуль мяркуемай. Агульная плошча гарадской тэрыторыі мусіла перавышаць 8 га.
Па меркаванню М.А. Плавінскага, дадатковым аргументам на карысць актыўнага засялення абодвух берагоў Палаты яшчэ ў часы “да прыходу Рагвалода з-за мора” з’яўляецца двухчасткавая структура гарадскога курганнага некропаля, якая можа быць рэканструявана на падставе аналізу пісьмовых, картаграфічных і археалагічных крыніц. Мяркуецца, што “паўночны курганны могільнік” размяшчаўся на правым беразе Палаты і цягнуўся з паўночнага ўсходу (прыкладна ад пазнейшага Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра) на паўднёвы захад – да першапачатковага рэчышча Палаты і далей уздоўж паўночнай мяжы Запалоцкага пасада. Аднак археалагічных сведчанняў існавання “паўночнага могільніка” пакуль не выяўлена. “Усходні курганны могільнік” размяшчаўсяўздоўж правага берага Дзвіны. Ён, верагодна, пачынаўся за 250-400 м на ўсход ад селішча на Ніжнім замку і цягнуўся прыкладна на 700 м на ўсход. Існаванне курганаў на гэтай тэрыторыі, па словах М.А. Плавінскага, пацвярджаецца знойдзенымі падчас земляных работ мячом тыпу V з надпісам ULFBERHT на клінку (па Л.В. Аляксееву меч быў знойдзены падчас пабудовы швейнай фабрыкі3), а таксама двух гаршкоў – ляпнога і ляпнога з падпраўленым на ганчарным крузе венцам і хвалістым арнаментам на плечуку. На думку даследчыка, цалкам лагічным падаецца меркаванне, што “усходні могільнік” мог належаць левабярэжнай частцы горада, тады як “паўночны могільнік” – правабярэжнай.
Археалагічныя і нумізматычныя крыніцы, па словах М.А. Плавінскага, дазваляюць пазначыць пэўны час, калі ў жыцці рэгіёна адбыліся значныя змены, якія пакінулі заўважныя сляды ў матэрыяльнай культуры Полацка – час з’яўлення ў Беларускім Падзвінні Рагвалода. Так у 1973 г. пад Полацкам, ля вёскі Казьянкі, быў знойдзены скарб, ад якога захавалася больш як 7711 цэлых і фрагментаваных дырхемаў (пры гэтым значная частка скарбу была раскрадзена). Па вызначэнні В.Н. Рабцэвіча, скарб быў ухаваны ў 940-я гг., верагодна, у 2-й палове дзесяцігоддзя. Выпадзенне скарбу, які з’яўляецца адным з буйнейшых ва Усходняй Еўропе, па словах даследчыка, сведчыць, у першую чаргу, на карысць дастаткова актыўнага функцыявання гандлёвага шляху па Заходняй Дзвіне ў яе сярэднім цячэнні ўжо ў сярэдзіне X ст. Разам з тым, па меркаванню М.А. Плавінскага, з’яўляецца відавочным, што ў 2-й палове 940-х гг. ў функцыяванні гэтага шляху адбыліся нейкія катастрафічныя падзеі, якія прывялі да ўхавання Казьянаўскага скарбу. Цалкам лагічнай лічыць даследчык гіпотэзу, што падзеі гэтыя маглі быць звязаны са з’яўленнем у Полацку Рагвалода і пэўнымі зменамі ў жыцці рэгіёна, якія наступнічалі гэтаму. Адной з такіх змен мусіла стаць усталяванне Рагвалодам канролю над гандлёвым шляхам па Заходняй Дзвіне, што і магло быць канкрэтнай прычынай выпадзення Казьянаўскага скарбу4.
М.В. Клімаў, П.М. Кенька. У 2009 г. на гарадзішчы працавала археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам М.В. Клімава і П.М. Кенькі. На гарадзішчы быў закладзены шурф плошчай 8 кв.м. У ніжняй частцы шурфа ў цёмна-шэрым слаі былі зафіксаваны сляды пажараў. На месцы аднаго з пажарышчаў былі выяўлены пашкоджаныя агнём арабскія сярэбраныя манеты – дырхемы. Акрамя таго, што манеты былі пашкоджаны ў агні, яны захаваліся фрагментарна, што было характэрна для пачатку IX стю, калі манеты спецыяльна падзялялі, робячы “грашовую дробязь”, бо меньшых наміналаў дырхемаў не існавала. З 5 знойдзеных фрагментаў арабскіх манет 4 былі адчаканены, як лічаць даследчыкі, не пазней за 818 г. і трапілі ў горад у 820-840-я гг. (па В.Н. Рабцэвічу фрагментарныя дырхемы адсутнічалі ў абарачэнні з 833 па 868 гг.). Знойдзеныя дырхемы з’яўляюцца сінхроннымі дырхему, выяўленаму на гарадзішчы ў 1978 г. В. Булкіным і датаванаму 814-815 гг.
Грунтуючыся на атрыманых даціроўках манет, на думку М.В. Клімава, можна прызнаць існаванне на гарадзішчы і развіццё Полацка як горада ў 1-й палове IX ст. Матэрыялы, атрыманыя археолагамі Г. Штыхавым, С. Тарасавым, Д. Дукам пры даследаваннях селішчаў каля Чырвонага маста і ў Ніжнім замку, па словах М.В. Клімава, засведчыла фарміраванне раннегарадскіх пасадаў. Такім чынам, як лічыць даследчык, умацаваны цэнтр Полацка, гарадзішча і протапасады сведчылі аб класічнай схеме развіцця ўсходнеславянскіх гарадоў. Акрамя таго, сляды пажараў, знойдзенага на яго месцы, і манеты сведчаць на карысць таго, што ў першай палове IX ст. гарадзішча мела драўляныя пабудовы, у адной з якіх і захоўваліся манеты.
Як адзначае М.В. Клімаў, фрагментарнасць манет гаворыць аб тым, што яны знаходзіліся ў “жывым абарачэнні”, а не ў складзе скарбу. У 1-й палове IX ст. дырхемы не былі шырока распаўсюджаны і імі амаль выключна валодалі скандынавы5.
- Д.У. Дук. Станаўленне Полацка ў IX-XIII стст. Беларускі гістарычны часопіс. №11, 2007
- Алег Латышонак. Saxo Grammaticus, легендарныя паходы датчанаў па Дзвіне ў IX стагоддзі і пачаткі Полацкага княства. (У зборніку: Алег Латышонак. Нацыянальнасць Беларус. Інстытут беларусыстыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009
- Л.В. Алексеев. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 1. Москва: “Наука”, 2006
- М.А. Плавінскі. Раннесярэднявечны Полацк: тапаграфічная структура і пытанні храналогіі. (У зборніку: Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24-35 кастрычніка 2007 г.). Полацк, 2009
- М.В. Клімаў. Новае адкрыццё ў храналогіі старажытнага Полацка. Беларускі гістарычны часопіс. №5, 2010