Неаліт – новы каменны век

6-5 тыс. гадоў назад (~ IV тысячагоддзе да н. э.) у гісторыі першабытнага насельніцтва Беларусі распачаўся заключны этап каменнага веку — новы каменны век, або неаліт (па-грэчаску «νεος» — новы). Ён працягваўся каля 2 тыс. гадоў i характарызаваўся важнымі зменамі ў жыцці нашых продкаў. У неаліце навучыліся ляпіць гліняны посуд, пачалі вырабляць больш дасканалыя шліфаваныя каменныя прылады працы, прыступілі да здабычы крамянёвай сыравіны шахтавым спосабам. Аднак важнейшым дасягненнем гэтага этапу стала зараджэнне i распаўсюджанне земляробства i жывёлагадоўлі. Такія кардынальныя зрухі ў гаспадарцы ў сваю чаргу паўплывалі не толькі на матэрыяльную, але i на духоўную культуру насельніцтва, на ўзаемаадносіны паміж людзьмі, на ix светапогляд i вераванні. Яны ж выклікалі i прыкметны рост колькасці насельніцтва, якое ўжо магло харчавацца не толькі за кошт навакольнай прыроды, але i само гадавала статкі — жывыя запасы мяса i вырошчвала на палях акультураныя расліны. Мезалітычныя стаянкі на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца не часта. Можна цэлы дзень ісці берагам Нёмана або Дняпра i знайсці толькі пару месцаў пасялення тагачаснага чалавка. Аднак там жа сустрэнеш да дзесятка большых i меншых стаянак новага каменнага веку з мноствам знаходак. Нярэдка яны ўтвараюць вялікія групы ў некалькі паселішчаў. У пошуках месцаў для жыцця неалітычны чалавек пачаў асвойваць берагі i меншых рачных i азёрных вадаёмаў. Мы не ведаем, ці адбылося ў пачатку неаліту пранікненне нейкага новага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі. Мяркуючы па крамянёвых вырабах, хутчэй за ўсё мясцовае спрадвечнае жыхарства само паступова ўспрымала ад сваіх паўднёвых i паўднёва-заходніх суседзяў усё тое, што было характэрнае для новакаменнага веку.

Неаліт на Беларусі
Паселішча позняга неаліту Асавец-2 (Бешанковіцкі р-н). Мастак П. Драчоў

У 3-м тысячагоддзі да н.э. земляробчыя культуры з захаду і з поўдня пачалі засяляць тэрыторыю Беларусі або распаўюджваць свой уплыў на тутэйшыя культуры з традыцыйнай гаспадаркай. Да носьбітаў новай формы гаспадаркі, якія пакінулі свой след на тэрыторыі Беларусі, належалі плямёны культуры лейкападобных кубкаў і культуры шарападобных амфар. З поўначы прыйшлі плямёны яшчэ адной уплывовай культуры, якая належала да традыцыйнай формы гаспадаркі – культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі.

Асноўнай збожжавай культурай быў ячмень. Пазней пачалі вырошчваць жыта, проса, лён. З сцеблаў крапівы, льну і каноплі здабывалі валокны, з якіх рабілі ніткі для тканін і шыцця. З жывёл да канца неаліту былі ўжо прыручаны козы, авечкі, каровы, коні і свінні.

У сувязі з пашырэннем земляробства, для ачышчэння пад пашу лясных масіваў, вялікую вагу набыў выраб каменных сякераў. У познім неаліце ўзнікае новы метад апрацоўкі камяню – шліфоўка. У познім неаліце у некаторых рэгіёнах на захадзе Беларусі крамянёвую сыравіну для прыладаў працы пачалі здабываць шахтавым спосабам.

Канчаткова працэс трансфармацыі гаспадаркі скончыўся толькі ў сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э., у перыяд пераходу да ранняга жалезнага веку.

Духоўная культура насельніцтва неаліту

Нераўнамернае развiцце неалітычнага насельніцтва ў розных рэгіёнах знайшло сваё адлюстраванне i ў сферы iдэалогii i мастацтва. Так, калi ў земляробчых культурах Пярэдняй Азii, Егiпта i Мiжземнамор’я ўжо iснавала вера ў багоў, якія паміраюць і ўваскрасаюць, то ў лясной паласе Еўразii рэлiгiйныя вераваннi ўсе яшчэ вызначалiся паляўнiча-рыбавалецкiм укладам. Гэтыя погляды знайшлі сваё адлюстраванне ў розных творах мастацтва, найбольш яскравым з якiх з’яўляюцца петроглiфы (наскальныя малюнкi) i скульптуркi людзей i жывел. Лічыцца, што наскальныя малюнкi былi цесна звязаны з магiяй, а таксама з вытворчай дзейнасцю людзей.

Даследчыкі мяркуюць, што мастацтва неаліту, як і ўсё першабытнае мастацтва, з’яўлялася ўвасабленнем і адлюстраваннем рэлігійных вераванняў. Аднак рэканструкцыя светапогляду старажытнага чалавека, натуральна, з’яўляецца вельмі складанай і дыскусійнай справай. У неаліце заняпала мезалітычная традыцыя арнаментавання касцяных вырабаў. Параўнальна рэдка сустракаюцца матыкі альбо пласціны з простымі наразнымі ўзорамі. Асноўнай сферай арнаментальнага мастацтва стаў гліняны посуд, які з’явіўся менавіта ў неалітычны час. Спецыялісты лічаць, што арнаменты, верагодна, маглі мець магічны сэнс, але таксама задавальнялі эстэтычныя патрэбы чалавека і выступалі ў якасці своеасаблівага паказчыка яго этнакультурнай прыналежнасці. Распаўсюджанымі элементамі арнаментаў былі адбіткі грабеньчатага штампа, разнастайныя наколы, насечкі, ямкавыя ўцісканні, пракрэсленыя рысы і інш., якія ўтваралі гарызантальныя паясы, вертыкальныя лініі, касыя і рамбічныя кампазіцыі.

Акрамя геаметрычных арнаментаў, для аздаблення посуду выкарыстоўваліся антрапаморфныя малюнкі (выявы чалавека) і зааморфныя малюнкі (выявы жывёл і птушак). Такія выявы выступалі як паасобку, так і разам. Найбольш распаўсюджаным персанажам зааморфных малюнкаў з’яўляецца качка. Схематычныя выявы водаплаваючых птушак, воднай стыхіі сустракаюцца на посудзе ўсвяцкай, верхнедняпроўскай, днепра-данецкай культур. Паводле вядомых інтэрпрэтацый, у гэтых малюнках адлюстраваны вельмі старажытны і шырока распаўсюджаны ў свеце міф аб стварэнні Сусвету з яйка, знесенага чароўнай качкай.

Гліняны посуд днепра-данецкай культуры
Гліняны посуд насельніцтва днепра-данецкай культуры са стаянкі ля в. Юравічы

На поўначы Беларусі на помніках Крывінскага тарфяніку знойдзены прадметы дробнай пластыкі – касцяныя і драўляныя зааморфныя і антрапаморфныя скульптурныя выявы, частка з якіх можа адносіцца і да позненеалітычнага часу. Старажытныя майстры выраблялі фігуркі качкі, змяі, радзей сустракаюцца выявы чалавека – мужчыны еўрапеоіднага аблічча. Параўнальна часта на помніках Паўночнай Беларусі сустракаюцца ўпрыгожанні – разнастайныя пацеркі з зубоў альбо костак жывёл, у меншай ступені – бурштыну. Даследчыкі мяркуюць, што такія вырабы неслі эстэтычны (прыгажосць), сацыяльны (паказчык месца ў грамадстве) і сакральны (абярэгі) змест.

Найбольш выразнымі, але і рэдкімі археалагічнымі крыніцамі для вывучэння духоўнай культуры чалавека эпохі неаліту з’яўляюцца пахавальныя комплексы. На тэрыторыі Беларусі да неалітычнага часу адносяцца толькі пахаванні культуры шарападобных амфар, знойдзеныя на Панямонні. Сваіх нябожчыкаў носьбіты культуры шарападобных амфар хавалі на невялікіх могільніках у неглыбокіх ямах, абкладзеных камянямі.На тэрыторыі Беларусі вядомы пахаванні па абраду трупаспалення і трупапакладання. У пахавальную камеру змяшчалі пахавальны інвентар (посуд, крамянёвыя і каменныя вырабы, упрыгожанні і інш.). У пахаванні часта знаходзяцца рэшткі буйных рагатых жывёл і свінні. Сустракаюцца асобныя рытуальныя пахаванні жывёл. Як адзначаюць даследчыкі, носьбіты гэтай культуры практыкавалі культы сонца і жывёл, а таксама – своеасаблівыя вытворчыя культы, звязаныя са здабычай крэменю і вырабам сякер.

© М. Чарняўскі

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии