Соф’я Гальшанская

Асноўнай крыніцай звестак пра біяграфію Соф’і з’яўляюцца «Аналы» Яна Длугаша — крыніца, якой няма роўных па паўнаце і дасканаласці апісання ўнутранага жыцця Польшчы таго перыяду. Некаторыя цікавыя звесткі пра дзяцінства будучай каралевы ўтрымліваюцца ў «Хроніцы Быхаўца». Найбольш падрабязным даследаваннем жыцця Соф’і з’яўляецца праца польскага гісторыка Эдварда Руцкага «Польскія каралевы» (польск.: Polskie królowe), у якой ёй прысвечана асобная глава. Мноства звестак аб ёй утрымліваецца і ў працах, прысвечаных асобе Уладзіслава Ягайлы.

Соф’я — прадстаўніца шляхетнага літоўскага княскага роду Гальшанскіх герба «Гіпацэнтаўр». Другая з трох дачок Андрэя Вязынскага, кіеўскага намесніка, князя вязынскага, і Аляксандры Дзмітрыеўны, прадстаўніцы княжацкага роду Друцкіх.

Шлюб з Ягайлам

У караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава II Ягайлы было 4 жонкі. Першыя дзве (Ядвіга і Ганна Цельская), рана памёршы, пакінулі яму па дачцэ, трэцяя — Эльжбета Граноўская памерла 12 мая 1420 года, не пакінуўшы нашчадкаў1.

У канцы 1420 — пачатку 1421 гадоў Ягайла і Вітаўт, вяртаючыся ў Літву пасля паспяховага заваявання Смаленска, спыніліся ў князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага. Вось што гаворыцца пра гэта ў «Хроніцы Быхаўца»:

І, вяртаючыся назад, прыехалі ў Друцк і былі там на абедзе ў князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага. А ў караля Ягайлы памерла ўжо трэцяя жонка, не даўшы нашчадкаў; І ўбачыў ён ў князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую з іх клікалі Васіліса па мянушцы Бялуха, а другую ‒ Сафія. І прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы яму так: «Было ў мяне ўжо тры жонкі, дзве полькі, а трэцяя немка, а нашчадкаў яны не пакінулі. А цяпер прашу цябе, высватай мне ў жонкі ў князя Сямёна малодшую пляменніцу Сафію, яна з роду рускага і можа быць бог дасць мне нашчадкаў»2.

Паколькі Сафія была праваслаўнай і, адпаведна, не магла стаць каралевай польскай, у пачатку 1422 года ў Навагрудку яна была ахрышчана паводле каталіцкага абраду і прыняла імя Соф’я. Вяселле адбылося ў лютым 1422 года ў Навагрудскай касцёльнай капліцы. Каранацыя Соф’і адбылася ў Кракаве ў сакавіку 1424 года. Гэта была самая ўрачыстая каранацыя каралевы ў гісторыі Польшчы.

Існавала значная розніца ва ўзросце паміж маладых. Традыцыйна лічыцца, што ў час вяселля Ягайлу было каля 71 года, аднак сучасныя даследчыкі схіляюцца да таго, што ён быў прыкладна на 11 гадоў маладзей. Соф’і было каля 17 гадоў.

Соф'я і Ягайла
Ягайла і Соф’я Гальшанская

Каралева, жонка Ягайлы (1422—1434)

9 сакавіка 1424 года Ягайла перадаў у валоданне жонцы вёскі Загасць і Багучыцэ, а 11 сакавіка — вена на суму 20 тысяч пражскіх грошаў на гарадах Радаме, Сончы, Бечы, Жарноўцы, Санаку, Інаўроцлаве і Няшаве.

У ноч на 31 кастрычніка 1424 года Соф’я нарадзіла сына Уладзіслава. Намаганні каралеўскай пары былі накіраваны на замацаванне за ім права на пасад. Для пачатку Ягайла пастанавіў духавенству маліцца за спадчынніка, было праведзена вельмі ўрачыстае хрышчэнне. Дзіцяці прыпісалі аж 25 хросных бацькоў, у тым ліку Папу Марціна V, караля Жыгімонта, дожа Венецыі. Пра рэгенцтва Соф’і, якога яна настойліва дабівалася, гаворка не ішла. Акрамя таго, будучы кароль мог уступіць на пасад толькі па дасягненні паўналецця, папярэдне даўшы прысягу на захаванне старых і наданне новых прывілеяў.

У лютым 1425 года спадчыну трона прызнаў горад Кракаў, у сакавіку — Конін, у кастрычніку — Львоў. У чэрвені 1427 года галіцкая шляхта дала згоду на атрыманне ў спадчыну трона каралевічам Уладзіславам, а Соф’ю і Вітаўта прызнала магчымымі рэгентамі.

Соф’я была адной з тых, хто падтрымліваў ідэю каранацыі вялікага князя Вітаўта. Каранацыя была прызначаная на 15 жніўня 1430 года, але карона ад імператара Жыгімонта Люксембургскага была затрымана палякамі, якія асцерагаліся ўзмацнення Вялікага Княства Літоўскага.

1 чэрвеня 1434 года ў Гарадку памёр кароль Уладзіслаў II, Соф’я засталася ўдавой.

Каралева-маці (1434—1461)

На з’ездзе ў Познані было вырашана правесці элекцыю (выбары) 29 чэрвеня 1434, а непасрэдна перад гэтым каранаваць Уладзіслава. 20 ліпеня антыягелонаўская апазіцыя склікала свой з’езд. Удзельнікі былі супраць абрання Уладзіслава, бо лічылі дзесяцігадовага хлопчыка занадта маладым для пацвярджэння прывілеяў, што магло пахіснуць пазіцыі шляхты. Сітуацыю змяніў Алясніцкі, які прыбыў у спешцы на з’езд, заручыўшыся падтрымкай каралевы, і здолеў не дапусціць прыняцця якіх-небудзь шкодных для дынастыі рашэнняў.

Соф’я не стала рэгентам, але ўвайшла ў рэгенцкі савет, які ўзначаліў Алясніцкі. Саюз каралевы-маці і Алясніцкага неўзабаве распаўся. Рэгент Алясніцкі быў прыхільнікам барацьбы з гусітамі, у грамадзянскай вайне ў Вялікім княстве Літоўскім падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча і быў адным з апалагетаў ідэі інкарпарацыі Літвы ў склад Польшчы. Соф’я ж сімпатызавала гусіцкаму руху, а ў міжусобнай вайне падтрымлівала Свідрыгайлу Альгердавіча.

31 кастрычніка 1436 года Уладзіслаў дасягнуў паўналецця — яму споўнілася чатырнаццаць гадоў, што і было прызнана на з’ездзе ў Пётркаве. 16 студзеня 1437 года кароль пацвердзіў прывілеі. Пазіцыі Соф’і ў каралеўстве значна аслаблі, хоць яе ўплыў на караля быў досыць вялікі.

3 мая 1439 года 168 шляхціцамі на чале са Спыткам з Мельштына, сярод якіх былі і набліжаныя Соф’і, была ўтворана накіраваная супраць Алясніцкага прагусісцкая навакорчынская канфедэрацыя. Паводле Длугаша, канфедэрацыя адбылася толькі дзякуючы «падбухторванню і абяцанням з боку Соф’і». Алясніцкі накіраваў на канфедэратаў войска. Перад самай бітвай па невядомых прычынах прыхільнікі Соф’і пакінулі лагер канфедэратаў і перайшлі на бок Алясніцкага, а Гінча нават узначаліў каралеўскую пяхоту. 4 мая ў бітве пад Гратнікамі паўстанцы былі разгромленыя. Уплыў Алясніцкага дасягнуў свайго піку, у той час як Соф’я ў чарговы раз пацярпела палітычнае паражэнне3.

У 1440—1444 гадах Соф’я адышла ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Яна жыла ў Санацкім замку, цікавілася, пераважна, вядзеннем гаспадаркі і ўважліва сачыла за інфармацыяй, якая паступала з Венгрыі. Дзякуючы сваёй актыўнай дзейнасці ў барацьбе з асманамі яе старэйшы сын Уладзіслаў праславіўся ў Еўропе. У снежні 1444 года да Соф’і сталі даходзіць чуткі пра яго трагічную гібель у бітве пры Варне. Аднак, цела ніхто не бачыў, таму Соф’ю не пакідала надзея, што Уладзіслаў жывы і трапіў у палон да турак. Час ішоў — вестак пра лёс Уладзіслава не паступала. У гэтых умовах Соф’я накіравала ўсе намаганні на забеспячэнне польскага трона свайму малодшаму сыну.

Санацкі замак
Санацкі каралеўскі замак

У красавіку 1445 года на з’ездзе ў Серадзе Казімір быў абраны каралём з умовай, што ў выпадку вяртання Уладзіслава абранне будзе анулявана. Восенню таго ж года ў Пётркове адбыўся з’езд, на якім прысутнічала і Соф’я. Запрошаны быў і Казімір, але па патрабаванні шляхты Вялікага княства, якая выступала за незалежнасць ад Польшчы, Казімір адмовіўся прыехаць, перадаўшы з пасламі, што не прэтэндуе на польскую карону, бо верыць у вяртанне брата. Было вырашана паслаць да Казіміра афіцыйнае пасольства з прапановай польскай кароны. Хоць Соф’я і не была ўключана ў пасольства, яна вырашыла да яго далучыцца. Сустрэча адбылася ў Гродне, але нягледзячы на ​​просьбы маці, Казімір быў непахісны.

У студзені 1446 года на сейме ў Пётркове Соф’я заклікала палякаў выбраць іншага караля. Яна чакала, што Казімір не захоча губляць права на трон і вернецца ў Польшчу. 30 сакавіка было прынята рашэнне, што, калі Казімір не вернецца, трон дастанецца мазавецкаму князю Баляславу Варшаўскаму. У тым жа годзе на сейме ў Новым Корчыне Соф’я са слязамі на вачах умольвала па страце ёй старэйшага сына не пазбаўляць кароны малодшага. Восенню таго ж года ў Брэсце Літоўскім каралева сустрэлася з сынам. Пад уплывам маці і некаторых паноў Казімір пагадзіўся стаць польскім каралём. 23 чэрвеня 1447 года ён урачыста заехаў у Кракаў, а 25 чэрвеня адбылася каранацыя.

Ужо ў першыя гады свайго кіравання Казімір уступіў у канфлікт з Алясніцкім. У 1448 годзе пры ўдзеле Соф’і была прадпрынята няўдалая спроба перавесці Збігнева на пасаду Гнезненскага архіепіскапа. Для Алясніцкага гэта азначала аддаленне ад сталіцы і страту ўплыву на дзяржаўныя справы. Аднак ён змог застацца ў Кракаве, а 27 кастрычніка таго ж года архіепіскапам Гнезненскім быў абраны Уладзіслаў Апароўскі.

У 1448 годзе каралева знаходзілася з сынам у Літве. У 1452 годзе памёр пажыццёвы валадар Луцкай зямлі Свідрыгайла Альгердавіч. Каралева выношвала планы далучэння гэтых земляў да Польшчы, але Казімір быў за пакіданне Валыні у складзе княства. На з’ездзе ў Пётркове ў 1453 годзе ў працягу пяці дзён Соф’я на каленях умольвала сына больш клапаціцца аб пашырэнні Польскай кароны (актыўным прыхільнікаў экспансіі быў таксама кракаўскі кашталян Ян з Чыжова). Аднак кароль быў непахісны. У тым жа годзе ён пацвердзіў правы маці на атрыманыя раней зямлі і даходы, але новых правоў не дараваў.

Восенню 1458 года Соф’я адправіла пасла ў Рым з мэтай афіцыйнага выказвання павагі новаму Папе Пію II. Аднак сапраўднай мэтай пасольства было даведацца пра меркаванне Папы аб бягучай вайне Польшчы з Ордэнам.

Летам 1461 года каралева-маці захварэла, а 21 верасня 1461 года яна памерла ў Кракаве.

Соф’я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык. Дынастыя Ягелонаў правіла аб’яднанай польска-літвінскай дзяржавай да 1572 года, Венгрыяй і Чэхіяй — да 1529 года. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Соф’і Гальшанскай сталі каралямі.

  1. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczow … . — S. 93, 130—131
  2. Хроника Быховца / Под ред. Н. Н. Улащика — М.: Наука, 1966. — С. 76—77
  3. Рудзкі Э. Польскія каралевы ….
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии